Падрыхтавала: настаўнік пачатковых класаў Козіч Алена Генадзьеўна
Мэта: дапамагчы дзецям усвядоміць значэнне свежай гародніны і садавіны ў
харчаванні чалавека; фарміраваць уяўленне пра асноўныя вітаміны, іх ролю ва ўмацаванні здароўя чалавека; знаёміць з правіламі рацыянальнага харчавання; садзейнічаць выхаванню акуратнасці і дысцыплінаванасці, фарміраванню ўмення аргументаваць выказанае меркаванне.
Абсталяванне: сюжэтныя малюнкі “Лета”, “Восень”; карткі для гульні “Выберы адзенне для прагулкі”; прадметныя карцінкі агародніны і садавіны, кошыкаў; агародніна і садавіна для гульні “Цудоўны мяшочак” і “Збяры бульбу”.
Ход урока
Ι. Арганізацыйны момант. Паведамленне тэмы ўрока
- Каб даведацца аб чым пойдзе размова на ўроку, адгадайце загадку:
Ярка, хораша прыбрала ўсюды дрэвы і кусты
і зямлю памалявала ў колер жоўта-залаты. (Восень)
- Пагаворым пра восень, даведаемся, што карыснага для ўмацавання нашага здароўя мы атрымліваем у гэту пару года.
ΙΙ. Актуалізацыя ведаў
- Параўнанне двух сюжэтных малюнкаў “Лета” – “Восень”.
- Што змянілася з надыходам восені?
- Назавіце асеннія месяцы, пачынаючы з тога, калі вы пайшлі ў школу.
- Які цяпер месяц?
2.Работа ў парах “Выберы адзенне для прагулкі”
- Каб захаваць сваё здароўе, мы павінны правільна апранацца. Выберыце адзенне і абутак для прагулкі ў халодны дзень і размалюйце яго.
3. Узаемаправерка ў парах.
- Ці карысна гуляць увосень? Чаму? (Паветра чыстае, без пылу і мікробаў, колер лісцеў бадзёрыць, узнімае настрой)
ΙΙΙ. Новая тэма
- Як называюць восень? Якая гэта пара года? (Залатая, багатая).
-Чаму? (Адказы дзяцей)
- Я вам сёння на урок прынесла падарункі восені. А якія, здагадайцеся самі.
Гульня “Цудоўны мяшочак” ( У мяшочку ляжаць: капуста, бульба, часнок, цыбуля, яблык, агурок, перац, бурак, морква)
-Дзе я ўзяла падарункі? Мне іх падарыла Пудзіла Агароднае Аркаша.
- Знаёмцеся, я запрасіла яго к нам на ўрок.
(Малюнак агароднага пугала вывешваецца на дошку.)
- Ён ахоўвае сад і агарод і ведае шмат усяго пра агародніну і садавіну. Многа цікавага і нам паведаміць.
Загадкі ад Аркашы:
- Аркаша мне паведаміў, што нядаўна на яго агарод прыбеглі двое зайцоў і як пачалі хрумкаць каралеву агарода! Ведаеце каго называюць каралевай агарода?
Стаіць у агародзе ў зялёным халаце,
А добра прыгледзішся – лата на лаце. (Капуста)
-Ох і карысная капуста! Колькі ў ёй вітамінаў! Асабліва многа вітаміну С. Капуста ўмацоўвае арганізм, памагае мець здаровыя зубы і косці, добра выглядаць. Больш за ўсё вітамінаў у свежай і квашанай капусце. Ешце яе і будзеце жыць доўга. Ну, а паколькі цяпер сезон квашання капусты – давайце пакажам, як гэта робяць.
Фізкультхвілінка
Мы капусту рэжам,
Мы капусту солім,
Мы капусту ціснем,
Хай капуста кісне!
Загадка:
Завітала ў хату пані
Ды ў жоўтым сарафане.
Як пачалі распранаць,
Сталі плакаць, праклінаць. (Цыбуля)
- Сямейству цыбулі больш за 4000 гадоў. Аб ёй нават італьянскі пісьменнік казку напісаў.
- Хто з вас любіць цыбулю? Ну і дарма, што не любіце. У рускай прыказцы гаворыцца “Лук –от семи недуг”. З’ясі палавінку цыбуліны – і не будзеш адчуваць стомленнасці. Праўда, пахнуць ад цябе будзе не вельмі… Але пажуй лісцік свежай пятрушкі і пазбавішся ад непрыемнага паху. Цыбуля – сапраўдная прыродная аптэка. Яна багата вітамінамі, абараняе ад прастуды. А калі цябе ўкусіла аса, пратры гэта месца цыбулінкай - і ад яго не застанецца і сляда.
- Недалёка ад цыбулі расце яе сваяк. Адгадайце, хто гэта?
У бабулі родны брат
Ласкавейшы быццам,
А да слёз давесці рад,
Так, як і сястрыца.
Сам сабе наўме панок,
А прасцей сказаць…(часнок)
- Як і цыбуля, ён дапаможа вам не хварэць грыпам і заўсёды быць здаровым. Яшчэ ім можна супакоіць зубны боль, калі прыкладваць разрэзаны часнок да рукі ў тым месцы, дзе адчуваецца пульс. Калі зуб забаліць з левага боку, то і прыкладваць трэба да левай рукі. І наадварот. (Настаўнік дэманструе).
- А гэтую агародніну любяць не толькі зайцы.
Царэўна ў няволі,
у цёмнай каморы.
А косы – на сонцы,
На вольным прасторы. (Морква)
- Яна дапамагае працаваць нашаму страўніку, умацоўвае косці, загойвае раны. У моркве многа караціну –крыніцы вітаміну А, які паляпшае зрок. Чым ярчэйшы колер у морквы, тым больш карысці для вачэй.
- А зараз разам з Аркашай адправімся ў сад.
Фізкультхвілінка “Цудоўны сад”
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Садавіну ўсім збіраць.
Вось на дрэвах мандарыны,
Слівы, грушы, апельсіны.
Ківі, яблыкі, гранат,-
Ах, які цудоўны сад!
- Адгадайце загадку:
Само з кулачок,
Чырвоны бачок.
Дакранешся пальцам - гладкае,
А адкусіш – салодкае. (Яблык)
- Вы любіце яблыкі? Ешце яблыкі чырвоныя, жоўтыя, салодкія, кіслыя. Яны карысныя для страўніка, зубоў, скуры. Не дарма гавораць: “Яблык на вячэру – і доктар не патрэбен”.
-А гэта загадка пра што:
І чырвоныя , і кіслыя –
На балоце выраслі.(Журавіны)
- Гэтая кіслая ягада творыць цуды. У ёй вельмі многа вітаміну С, дзякуючы якому журавіны змагаюцца з інфекцыямі. Яны ўмацоўваюць дзёсны, зубы, сэрца, паляпшаюць апетыт.
- Дзякуй нашаму Пудзілу! Дзякуючы яму мы даведаліся аб некаторай карыснай агародніне, садавіне і ягадах. Не спяшайцеся ў аптэку – загляніце ў агарод, і заўсёды будзеце здаровамі і поўнымі сіл.
Гульня “Збяры бульбу”. Вучні танцуюць пад фанаграму “Антошка”. На падлозе ляжыць бульба (на 1 менш, чым удзельнікаў). Па заканчэнню музыкі ўсе бяруць па бульбіне. Каму не дасталося – выбывае.
ΙV. Замацаванне новай тэмы
1.Работа ў групах з прадметнымі карцінкамі
Гульня “Збяры агародніну і садавіну ў кошыкі”. (Адна група збірае ў кошык агародніну, другая – садавіну)
2. Работа па падручніку, стар.14-15
- Якія яшчэ знаёмыя ці незнаёмыя плады вам сустрэліся на старонках падручніка? Дапамажы Нязнайку.
- Што ж трэба рабіць, каб быць здаровымі?(стар.16)
- Як правільна ўжываць у ежу агародніну і садавіну?
Гульня “Карысна-некарысна”
V. Рэфлексія. Вынік урока.
1. Работа ў групах. Гульня “Складзі пазлы”(выявы морквы і капусты)
- Чым карысны морква і капуста?
- Хто мне адкажа, якую карысць здароўю прыносіць часнок?
- Што з таго, што вы даведаліся на ўроку, вас здзівіла?
- Як умацоўваюць здароўе чалавека садавіна, гародніна, фрукты і ягады?
- А зараз выберыце такія каляровыя алоўкі, якія адпавядаюць вашаму настрою, і размалюйце Пугала. (На дошку вывешваюцца размаляваныя малюнкі, па выбары колераў алоўкаў, настаўнікам робіцца вынік.)
Усім дзецям настаўнік уручае ў падарунак часночныя пацеркі, якія будуць засцерагаць іх у бліжэйшы час ад грыпа.