Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Аб арганізацыі ў 2022/2023 навучальным годзе адукацыйнага працэсу пры вывучэнні вучэбных прадметаў і правядзенні факультатыўных заняткаў пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі

Дата: 13 августа 2022 в 14:04

ЗАЦВЯРДЖАЮ

Намеснік Міністра адукацыі

Рэспублікі Беларусь

________________А.У. Кадлубай

«22» ліпеня 2022 г.

ІНСТРУКТЫЎНА-МЕТАДЫЧНАЕ ПІСЬМО

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

«Аб арганізацыі ў 2022/2023 навучальным годзе адукацыйнага працэсу пры вывучэнні вучэбных прадметаў і правядзенні факультатыўных заняткаў пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі»

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. З 1 верасня 2022 г. уступаюць у сілу асноўныя палажэнні новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, у якім адлюстраваны два прынцыпы, закладзеныя ў аснову дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі, – інклюзія ў адукацыі і абавязковасць агульнай сярэдняй адукацыі. У дачыненні да сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі таксама ўстаноўлены наступныя нормы, згодна з якімі:

установы адукацыі абавязаны забяспечваць стварэнне бяспечных умоў пры арганізацыі адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў у адпаведнасці з Правіламі бяспекі арганізацыі адукацыйнага працэсу, арганізацыі выхаваўчага працэсу;

мовамі навучання і выхавання пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі з'яўляюцца дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь;

мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы замацоўваюць за пачатковай школай, базавай школай, сярэдняй школай, гімназіяй (для атрымання агульнай базавай адукацыі) тэрыторыю адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай (тэрытарыяльнай) адзінкі;

права на ўстанаўленне напаўняльнасці класаў ва ўстанове адукацыі пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі прадастаўлена заснавальніку гэтай установы адукацыі або ўпаўнаважаным ім органам;

у рэжыме шасцідзённага тыдня могуць праводзіцца факультатыўныя заняткі ў V–XI (XII) класах і рэалізоўвацца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) для вучняў X–XI класаў;

прамежкавая атэстацыя праводзіцца па вучэбных прадметах, модулях за чвэрць і (або) паўгоддзе па выніках бягучай атэстацыі;

асноўным органам самакіравання ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі з'яўляецца педагагічны савет. Ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі могуць стварацца савет, метадычны савет, апякунскі савет, бацькоўскі камітэт, вучнёўскі савет;

кіраўнік установы адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, з удзелам органа самакіравання, у які ўваходзяць асобы з ліку законных прадстаўнікоў непаўналетніх вучняў, вызначае парадак атрымання інфармацыі законнымі прадстаўнікамі непаўналетніх вучняў аб ходзе і змесце адукацыйнага працэсу, метадах навучання і выхавання, выніках вучэбнай дзейнасці вучняў, законнымі прадстаўнікамі якіх яны з'яўляюцца;

законныя прадстаўнікі непаўналетніх вучняў абавязаны забяспечыць выкананне вучнямі, законнымі прадстаўнікамі якіх яны з'яўляюцца, патрабаванняў устаноўчых дакументаў, правіл унутранага распарадку для вучняў, правіл унутранага распарадку ў інтэрнатах;

педагагічныя работнікі маюць права на бясплатную перавозку да месца працы (да ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі) і назад школьнымі аўтобусамі па маршруце іх руху ў выпадку адсутнасці аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах транспартам агульнага карыстання, якія забяспечваюць прыбыццё педагагічнага работніка да пачатку яго працоўнага дня да месца працы і назад, і пры наяўнасці свабодных пасадачных месцаў у школьным аўтобусе;

педагагічныя работнікі не маюць права аказваць платныя кансультатыўныя паслугі па асобных вучэбных прадметах, модулях, у тым ліку дапамогу ў падрыхтоўцы да ўступных іспытаў (рэпетытарства), вучням, калі гэта прыводзіць да канфлікту інтарэсаў педагагічнага работніка – сітуацыі, пры якой у педагагічнага работніка пры ажыццяўленні ім педагагічнай дзейнасці ўзнікае зацікаўленасць у атрыманні маёмасці або іншай выгады і якая ўплывае або можа паўплываць на належнае выкананне педагагічным работнікам прафесійных абавязкаў з прычыны супярэчнасці паміж яго асабістай зацікаўленасцю і інтарэсамі вучняў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх вучняў;

прыём (залічэнне) асобы, якая мае па выніках выніковай атэстацыі ў навучальным годзе, які папярэднічае году прыёму (залічэння), здавальняючую ацэнку паводзін, для засваення зместу адпаведных відаў (віду) адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца:

у вучылішчы алімпійскага рэзерву, спецыялізаваныя па спорце класы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі па конкурсе на падставе вынікаў адбору асоб, здольных дасягнуць высокіх спартыўных вынікаў у асобным відзе спорту, і з улікам стану здароўя;

у гімназіі, сярэднія школы, школы-інтэрнаты для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, па конкурсе на падставе вынікаў выніковай атэстацыі па вучэбных прадметах, якія ў адпаведнасці з тыпавым вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі вывучаюцца на павышаным узроўні ў X і XI класах у межах арганізацыі профільнага навучання, і сярэдняга бала выніковай атэстацыі ў год прыёму (залічэння);

у гімназіі – каледжы мастацтваў (акадэміі (кансерваторыі)) – па конкурсе на падставе вынікаў праверкі здольнасцей у галіне асобных відаў мастацтва;

у ліцэі (універсітэты) – па конкурсе на падставе вынікаў уступных іспытаў;

у спецыялізаваныя ліцэі – па конкурсе на падставе вынікаў уступных іспытаў і з улікам стану здароўя;

іншыя нормы.

2. На падставе палажэнняў новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі распрацаваны нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы агульнай сярэдняй адукацыі, забяспечана прывядзенне дзеючых актаў заканадаўства ў адпаведнасць з Законам Рэспублікі Беларусь ад 14.01.2022 № 154-З «Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі».

Пастановай калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 10.05.2022 № 4.11 адобраны Дзяржаўны школьны стандарт, распрацаваны на падставе палажэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь ад 19.11.1993 № 2570-XII «Аб правах дзіцяці», Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, іншых актаў заканадаўства, для забеспячэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, бяспечных умоў знаходжання вучняў ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі, умацавання дысцыпліны і правапарадку, дасягнення адносін супрацоўніцтва, узаемападтрымкі паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу з мэтай забеспячэння даступнасці і якасці агульнай сярэдняй адукацыі, паспяховай сацыялізацыі вучняў у дынамічных умовах лічбавага грамадства, падрыхтоўкі да ўсвядомленага выбару прафесіі і працягу адукацыі на працягу жыцця.

З мэтай павышэння прэстыжу і статусу педагагічнай прафесіі, эфектыўнасці ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу загадам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 10.06.2022 № 401 зацверджаны Правілы педагагічных работнікаў.

3. У 2022/2023 навучальным годзе:

арганізацыя адукацыйнага працэсу ажыццяўляецца па чвэрцях у наступныя тэрміны:

першая чвэрць – з 1 верасня 2022 г. па 29 кастрычніка 2022 г.;

другая – з 8 лістапада 2022 г. па 24 снежня 2022 г.;

трэцяя – з 9 студзеня 2023 г. па 25 сакавіка 2023 г.;

чацвёртая – з 3 красавіка 2023 г. па 31 мая 2023 г.;

устаноўлены працягласць і тэрміны канікулаў для вучняў на працягу навучальнага года:

восеньскія – 9 дзён (з 30 кастрычніка 2022 г. па 7 лістапада 2022 г. уключна);

зімовыя – 15 дзён (з 25 снежня 2022 г. па 8 студзеня 2023 г. уключна);

вясновыя – 8 дзён (з 26 сакавіка 2023 г. па 2 красавіка 2023 г. уключна);

летнія – 92 дні (з 1 чэрвеня 2023 г. па 31 жніўня 2023 г.), для вучняў, якія завяршылі навучанне на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі, – 81 дзень (з 12 чэрвеня 2023 г. па 31 жніўня 2023 г. уключна).

Для вучняў І і ІІ класаў (ІІІ класаў – для вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з пяцігадовым тэрмінам навучання на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі) у трэцяй чвэрці праводзяцца дадатковыя зімовыя канікулы з 20 лютага 2023 г. па 26 лютага 2023 г. працягласцю 7 дзён.

АРГАНІЗАЦЫЯ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ

1. Актуальныя аспекты адукацыйнага працэсу

Адукацыя ўключае як працэс навучання, так і працэс выхавання, у якім прыярытэтным з'яўляецца фарміраванне павагі да сваёй Айчыны, народа, мовы, беларускай культуры, традыцый і звычаяў.

Актуальнымі аспектамі адукацыйнага працэсу ў 2022/2023 навучальным годзе з'яўляюцца: забеспячэнне бяспечных умоў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу; рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу кожнага вучэбнага прадмета; арыентацыя на асобу вучня з мэтай найбольш поўнага раскрыцця яго здольнасцей і задавальнення яго адукацыйных патрэб; уцягванне ў прадуктыўную вучэбна-пазнавальную, сацыяльна значную дзейнасць; выкарыстанне рэзерваў самастойнай работы вучняў пры праблемным, даследчым і праектным навучанні; стварэнне ўмоў для самарэалізацыі і самавызначэння асобы.

Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў, вывучэнне заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь садзейнічаюць дасягненню вучнямі асобасных адукацыйных вынікаў, да якіх адносяцца: сфарміраванасць маральных каштоўнасных арыентацый на аснове прынятых у грамадстве правіл, норм паводзін у інтарэсах чалавека, сям'і, нацыі і дзяржавы (патрыятызм, грамадзянскасць, павага да абаронцаў Айчыны, закону і правапарадку, чалавека працы і старэйшага пакалення, беражлівыя адносіны да гісторыка-культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа, гатоўнасць і здольнасць да ўзаемаразумення, дыялогу і супрацоўніцтва, патрэба ў самарэалізацыі і самаўдасканаленні, імкненне да бесперапыннай адукацыі і прафесійнага самавызначэння на аснове ўліку сваіх магчымасцей, здольнасцей і інтарэсаў, імкненне кіравацца правіламі аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання, прытрымліванне прынцыпаў здаровага ладу жыцця.

Звяртаем увагу, што:

у змест вучэбнага прадмета «Гісторыя Беларусі» ў вучэбных праграмах для IX і XI класаў уключаны пытанні аб рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 г., змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;

абноўлены кампаненты вучэбна-метадычнага комплексу «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)»;

у межах расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы. Яны павінны выкарыстоўвацца як на ўроках, так і ў пазаўрочнай рабоце. Метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні гэтых матэрыялаў у адукацыйным працэсе размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Метадычныя рэкамендацыі.

З мэтай удасканалення адукацыйнага працэсу, а таксама фарміравання павагі да культурна-гістарычнай спадчыны і традыцый беларускага народа, умацавання маральных якасцей моладзі неабходна асаблівую ўвагу надаць пытанням патрыятычнага выхавання вучняў, арганізацыі і правядзенню экскурсій у межах вывучэння вучэбных прадметаў і ў выхаваўчым працэсе. Пры выкарыстанні экскурсіі як формы адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў улічваюцца ўзроставыя і псіхалагічныя асаблівасці вучняў і патрабуецца папярэдняя падрыхтоўка да ўспрымання зместу экскурсіі.

Мэтамі экскурсіі могуць быць: выхаванне патрыятызму; знаёмства з асаблівасцямі прыроды краю; паказ гістарычнай ролі населенага пункта; паказ дасягненняў населенага пункта ў эканоміцы краіны; экалагічнае выхаванне; эстэтычнае выхаванне; іншыя мэты. Лічым неабходным актывізаваць выкарыстанне гэтай формы работы з улікам прынцыпу тэрытарыяльнай даступнасці, а таксама неабходнасці ўключэння рэгіянальнага краязнаўчага кампанента ў адукацыйны працэс. З гэтай мэтай распрацаваны Пералік экскурсійных аб'ектаў і турыстычных маршрутаў, якія рэкамендуюцца для наведвання навучэнцамі ў межах правядзення вучэбных і факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў з улікам зместу вучэбных прадметаў у вучэбных праграмах.

Пералік экскурсійных аб'ектаў і турыстычных маршрутаў, якія рэкамендуюцца для наведвання навучэнцамі, размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Арганізацыя выхавання.

Фарміраванню метапрадметных уменняў і навыкаў, рэалізацыі міжпрадметных сувязей, выхаваўчага патэнцыялу зместу вучэбных заняткаў садзейнічаюць арганізацыя вывучэння на павышаным узроўні асобных вучэбных прадметаў, выкарыстанне ў адукацыйным працэсе серыі дапаможнікаў «Кампетэнтнасны падыход». Дадзеная серыя выдадзена для I–IX і X, XI класаў па ўсіх вучэбных прадметах. Дыдактычныя матэрыялы носяць практыка-арыентаваны характар, прызначаны для фарміравання адукацыйных кампетэнцый і арыентаваны на засваенне вучнямі вучэбнага матэрыялу пры ажыццяўленні розных відаў дзейнасці: пазнавальнай, камунікатыўнай, пошукавай, творчай.

Выкарыстанне настаўнікам названых матэрыялаў з улікам асаблівасцей канкрэтнага класа і вырашаемых адукацыйных задач дазволіць метадычна правільна арганізаваць дзейнасць вучняў для дасягнення адукацыйных вынікаў у адпаведнасці з асноўнымі патрабаваннямі да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, вызначанымі ў вучэбнай праграме, у кантэксце кампетэнтнаснага падыходу.

Рэкамендацыі па арганізацыі вывучэння на павышаным узроўні асобных вучэбных прадметаў у VIII, IX класах размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы.

Інфармуем, што з 2023/2024 навучальнага года плануецца правядзенне Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі (НДЯА) з перыядычнасцю раз на два гады. Прадмет вывучэння – вынікі ацэнкі функцыянальнай адукаванасці вучняў. Даследаванне прадугледжвае правядзенне ў камп'ютарным фармаце анкетавання, выкананне ўдзельнікамі комплекснай работы. Удзельнікам даецца права выбару мовы (руская, беларуская). У даследаванні будуць прымаць удзел вучні, якія атрымалі агульную базавую адукацыю і працягваюць адукацыю на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

2. Рэалізацыя прынцыпу інклюзіі

Рэалізацыя прынцыпу інклюзіі, якая забяспечвае роўны доступ да атрымання адукацыі для ўсіх вучняў з улікам разнастайнасці асаблівых індывідуальных адукацыйных патрэб і індывідуальных магчымасцей кожнага вучня (адоранага, таленавітага, вучня, індывідуальныя патрэбы якога абумоўлены яго жыццёвай сітуацыяй, станам здароўя, іншымі абставінамі), найбольш актуальная для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў адносінах да вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія будуць засвойваць змест адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ў класах сумеснага навучання і выхавання.

У адпаведнасці з пунктам 6 артыкула 150 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі рашэнне аб напаўняльнасці класаў, у тым ліку класаў сумеснага навучання і выхавання, і колькасці асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў іх, акрамя спецыяльных класаў, класаў інтэграванага навучання і выхавання, прымаецца заснавальнікам установы адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, або ўпаўнаважаным ім органам з улікам патрэб грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць роўнае з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь права на атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, якія пражываюць на тэрыторыі, замацаванай за гэтай установай адукацыі, пры выкананні санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў у частцы ўмоў размяшчэння і рэжыму адукацыйнага працэсу, у тым ліку нормаў плошчы на аднаго вучня ва ўсіх памяшканнях са знаходжаннем вучняў.

Перш чым фарміраваць класы сумеснага навучання і выхавання, неабходна стварыць спецыяльныя ўмовы, без якіх немагчыма або ўскладнена засваенне зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі вучнямі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, уключаючы выкарыстанне тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, спецыяльных вучэбных выданняў, спецыяльных метадаў навучання і выхавання, інфармацыйных тэхналогій, адаптацыю матэрыяльных аб'ектаў, а таксама падрыхтаваць вучняў, якія не маюць асаблівасцей псіхафізічнага развіцця, законных прадстаўнікоў непаўналетніх вучняў, настаўнікаў, іншых педагагічных работнікаў да прыняцця вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу для вучняў з расстройствамі аўтыстычнага спектра педагогам рэкамендуецца: пазнаёміцца з заключэннем псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі; захоўваць паступовасць у рэжымных дзеяннях і дазіраванасць вучэбных задач; мець пэўныя апоры ў выглядзе візуальных раскладаў, схем або планаў дзейнасці; устанавіць пэўныя правілы паводзін; забяспечыць фізічны сігнал (гукавы, візуальны, іншыя) для ўказання вучням на змену дзейнасці; уводзіць выразныя алгарытмы ці стэрэатыпы дзейнасці ў адукацыйны працэс; ставіцца да вучня з цярпеннем, заахвочваць яго пазнавальную актыўнасць і інш.

Вучню з расстройствамі аўтыстычнага спектра з улікам структуры і ступені цяжкасці парушэння забяспечваецца персанальнае суправаджэнне выхавацелем на вучэбных занятках (занятках). Неабходнасць і форма персанальнага суправаджэння вызначаюцца псіхолага-педагагічнай камісіяй цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Сацыяльна-педагагічная падтрымка вучняў класаў сумеснага навучання і выхавання і аказанне ім псіхалагічнай дапамогі ажыццяўляюцца сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службай установы адукацыі.

Спецыялісты цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі аказваюць метадычную дапамогу і падтрымку педагагічным работнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі пры навучанні і выхаванні вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Рэкамендуецца ўстановам агульнай сярэдняй адукацыі надаць асаблівую ўвагу прафесійнай арыентацыі вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Асноўная мэта падрыхтоўкі вучняў да прафесійнага самавызначэння заключаецца ў падвядзенні іх да ўсвядомленага рашэння аб выбары прафесіі з улікам сваіх інтарэсаў, схільнасцей, здольнасцей і магчымасцей. Дасягненне гэтай мэты ажыццяўляецца з дапамогай фарміравання ў вучняў матывацыі да выбару прафесіі, ведаў аб патрэбах рынку працы, аб арганізацыі ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, установамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, грамадскімі аб'яднаннямі і арганізацыямі Рэспублікі Беларусь («Беларускі саюз жанчын», «Беларускае таварыства глухіх», «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» і іншымі).

3. Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ў вячэрніх класах сярэдняй школы

Адукацыйны працэс у вячэрніх класах сярэдняй школы арганізуецца ў адпаведнасці з вучэбным планам вячэрніх класаў сярэдняй школы, распрацаваным сярэдняй школай на аснове часткі тыпавога вучэбнага плана сярэдняй школы, якая датычыцца вячэрніх класаў у сярэдняй школе з улікам формы атрымання адукацыі (вочнай або завочнай), і вучэбнымі праграмамі па вучэбных прадметах для X–XI класаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі з улікам трохгадовага тэрміну навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У адукацыйным працэсе ў вячэрніх класах сярэдняй школы па ўсіх вучэбных прадметах выкарыстоўваюцца падручнікі і вучэбныя дапаможнікі для X і XI класаў.

Дзяленне класаў на групы пры вывучэнні вучэбных прадметаў, у тым ліку і XII класа, ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным
для X–XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў адпаведнасці з Палажэннем аб установе агульнай сярэдняй адукацыі.

Сумарная колькасць абавязковых кантрольных работ па вучэбных прадметах, прадугледжаных для вывучэння на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, раўнамерна размяркоўваецца на ўсе тры гады атрымання сярэдняй адукацыі. Кантрольныя работы праводзяцца ў адпаведнасці з графікам, зацверджаным кіраўніком сярэдняй школы, у якой створаны вячэрнія класы, не больш як па адным вучэбным прадмеце на дзень у адным класе. Правядзенне кантрольных работ у пятніцу і на апошніх гадзінах вучэбных заняткаў забараняецца.

Для вучняў вячэрніх класаў сярэдняй школы, якія атрымліваюць адукацыю ў завочнай форме, у кожнай чвэрці навучальнага года праводзяцца вучэбныя заняткі ў адпаведнасці з вучэбным планам сярэдняй школы для вячэрніх класаў (завочная форма атрымання адукацыі), а ў перыяд паміж вучэбнымі заняткамі – факультатыўныя, стымулюючыя заняткі і кансультацыі. Перыяд правядзення вучэбных заняткаў у кожнай чвэрці вызначаецца кіраўніком сярэдняй школы, у якой створаны вячэрнія класы, і даводзіцца да ведама ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Падчас вучэбных заняткаў праводзяцца абавязковыя кантрольныя, лабараторныя і практычныя работы.

Для вучняў вячэрніх класаў сярэдняй школы можа быць арганізавана правядзенне факультатыўных заняткаў (вочная, завочная формы атрымання адукацыі), стымулюючых заняткаў (вочная, завочная формы атрымання адукацыі), падтрымліваючых заняткаў (вочная форма атрымання адукацыі), кансультацый (завочная форма атрымання адукацыі).

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах у вячэрніх класах сярэдняй школы настаўнікі павінны кіравацца дадаткамі да дадзенага інструктыўна-метадычнага пісьма.

4. Асаблівасці арганізацыі факультатыўных заняткаў музычнай, тэатральнай, харэаграфічнай і мастацкай накіраванасці

Факультатыўныя заняткі музычнай, харэаграфічнай, мастацкай, тэатральнай накіраванасці могуць быць арганізаваны ў адпаведнасці з запытамі вучняў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх вучняў і магчымасцямі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі (частка чацвёртая пункта 12 артыкула 150 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі).

У новай рэдакцыі Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, як і ў дзеючай да 1 верасня 2022 г. рэдакцыі, замацавана, што:

саставы груп для правядзення факультатыўных заняткаў музычнай, тэатральнай, харэаграфічнай і мастацкай накіраванасці зацвярджаюцца загадам кіраўніка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі; у састаў групы могуць аб'ядноўвацца вучні аднаго або паралельных класаў;

факультатыўныя заняткі музычнай, харэаграфічнай, тэатральнай накіраванасці могуць праводзіцца сумесна настаўнікам, які рэалізуе змест адпаведнай вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў, і канцэртмайстрам (акампаніятарам);

факультатыўныя заняткі музычнай, тэатральнай, харэаграфічнай і мастацкай накіраванасці праводзяцца ў адпаведнасці з асобным раскладам, які зацвярджаецца кіраўніком установы агульнай сярэдняй адукацыі.

Факультатыўныя заняткі музычнай, тэатральнай, харэаграфічнай і мастацкай накіраванасці праводзяцца ў адпаведнасці з вучэбнымі праграмамі, зацверджанымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і размешчанымі на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Пералік вучэбных праграм факультатыўных заняткаў; Дапрафесійная і прафесійная падрыхтоўка.

У адпаведнасці са Спецыфічнымі санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі пры арганізацыі факультатыўных заняткаў музычнай, харэаграфічнай, мастацкай і тэатральнай накіраванасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі максімальная дапушчальная тыднёвая вучэбная нагрузка на аднаго вучня на тыдзень можа быць павялічана ў II–IV класах у аб'ёме 2 вучэбных гадзін, у V–IX класах – у аб'ёме 3 вучэбных гадзін.

Пры састаўленні раскладу факультатыўных заняткаў, у тым ліку музычнай, тэатральнай, харэаграфічнай і мастацкай накіраванасці, неабходна выконваць патрабаванні да перапынкаў паміж вучэбнымі і факультатыўнымі заняткамі згодна з дадаткам 12 да Спецыфічных санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў.

У бланк пасведчання аб агульнай базавай адукацыі (пасведчання аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай) вучню, які за перыяд навучання і выхавання на I і II ступенях агульнай сярэдняй адукацыі ў I (II)–IX класах засвоіў змест факультатыўных заняткаў адпаведнай накіраванасці (музычнай, тэатральнай, харэаграфічнай, мастацкай), без выстаўлення адзнакі ў балах робіцца запіс назвы вучэбнай праграмы гэтых факультатыўных заняткаў.

5. Атэстацыя вучняў. Адзнакі, запісы, якія выкарыстоўваюцца пры атэстацыі вучняў. Нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў. Кантроль і ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў. Кантрольна-вымяральныя матэрыялы

У адпаведнасці з артыкуламі 160 і 161 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі вучні пры засваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі праходзяць бягучую, прамежкавую і выніковую атэстацыю. Звяртаем увагу, што бягучая атэстацыя праводзіцца на вучэбных занятках з мэтай сістэматычнага кантролю і ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў у працэсе вывучэння вучэбных прадметаў, модуляў.

Атэстацыя вучняў праводзіцца ў адпаведнасці з Правіламі правядзення атэстацыі вучняў пры засваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджанымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэтымі Правіламі вызначаны парадак правядзення бягучай, прамежкавай, выніковай атэстацыі, у тым ліку віды выніковай атэстацыі, парадак пераводу ў наступны клас, нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па вучэбных прадметах (модулях), умовы і парадак допуску вучняў да выніковай атэстацыі пасля завяршэння навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі, падставы для вызвалення вучняў ад выніковых іспытаў, прадастаўлення права праходжання выніковай атэстацыі ў іншы тэрмін, парадак перагляду гадавой адзнакі, стварэння і функцыянавання экзаменацыйных камісій.

З 2022/2023 навучальнага года ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў пры іх атэстацыі будзе ажыццяўляцца з выкарыстаннем адзнак у балах па дзесяцібальнай шкале, адзнак «залічана», «не залічана», «не атэставаны(а)», запісаў «засвоіў(ла)», «не засвоіў(ла)», «вызвалены(а)», «не вывучаў(ла)». Станоўчымі з'яўляюцца адзнакі ад 3 (трох) да 10 (дзесяці) балаў: 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, «залічана» і запісы «засвоіў(ла)», «вызвалены(а)», «не вывучаў(ла)». Нездавальняючымі з'яўляюцца адзнакі 1 (адзін) бал, 2 (два) балы, «не залічана», «не атэставаны(а)», запіс «не засвоіў(ла)».

Абноўленыя нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па вучэбных прадметах з выкарыстаннем адзнак у балах па дзесяцібальнай шкале адрозніваюцца ад тых, што дзейнічалі, тым, што ў іх адлюстраваны патрабаванні кампетэнтнаснага падыходу: разам з прадметнымі адукацыйнымі вынікамі (ведамі, уменнямі, навыкамі, спосабамі дзейнасці) будуць ацэньвацца зафіксаваныя ў адукацыйных стандартах агульнай сярэдняй адукацыі і абноўленых вучэбных праграмах метапрадметныя адукацыйныя вынікі (напрыклад, уменне крытычна ацэньваць інфармацыю, атрыманую з розных крыніц, правільна інтэрпрэтаваць і выкарыстоўваць яе; уменне інтэграваць веды з розных прадметных галін для вырашэння практычных задач, іншыя ўменні). Такім чынам, пры ацэнцы вучэбных дасягненняў улічваюцца не толькі засваенне вучнямі ведаў і ўменне ўзнаўляць іх, але і здольнасць прымяняць гэтыя веды пры выкананні вучэбна-пазнавальных, вучэбна-практычных і набліжаных да рэальных умоў заданняў.

Як і раней, ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў ажыццяўляецца з улікам пяці ўзроўняў вучэбнай дзейнасці: дзеянні на пазнанне, распазнаванне і адрозненне паняццяў; дзеянні па ўзнаўленні вучэбнага матэрыялу на ўзроўні памяці; дзеянні па ўзнаўленні вучэбнага матэрыялу на ўзроўні разумення; дзеянні па прымяненні ведаў у знаёмай сітуацыі па ўзоры; дзеянні па прымяненні ведаў у незнаёмых, нестандартных сітуацыях для вырашэння якасна новых задач.

У I і II класах, а таксама ў III і IV класах па вучэбных прадметах «Музыка», «Выяўленчае мастацтва», «Працоўнае навучанне», «Фізічная культура і здароўе», «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў ажыццяўляецца на змястоўна-ацэначнай аснове з улікам узроўняў вучэбнай дзейнасці без выкарыстання адзнакі (бала) як формы колькаснага выражэння вынікаў ацэначнай дзейнасці. Пры прамежкавай і выніковай атэстацыі ажыццяўляюцца запісы «засвоіў(ла)», «не засвоіў(ла)». Пры гэтым запіс «засвоіў(ла)» робіцца, калі вучань выконвае дзеянні, якія адпавядаюць другому, трэцяму, чацвёртаму, пятаму ўзроўням вучэбнай дзейнасці; запіс «не засвоіў(ла)» робіцца, калі вучань выконвае дзеянні, якія адпавядаюць першаму ўзроўню вучэбнай дзейнасці.

Па вучэбных прадметах «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» (V клас), «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» (V–IX класы) атэстацыя ажыццяўляецца з выкарыстаннем адзнак «залічана», «не залічана». Адзнака «залічана» выстаўляецца, калі вучань выконвае дзеянні, якія адпавядаюць другому, трэцяму, чацвёртаму, пятаму ўзроўням вучэбнай дзейнасці; адзнака «не залічана» выстаўляецца, калі вучань выконвае дзеянні, якія адпавядаюць першаму ўзроўню вучэбнай дзейнасці.

Для правядзення бягучай атэстацыі вучняў устанаўліваюцца наступныя віды кантролю: паўрочны і тэматычны. Паўрочны і тэматычны кантроль ажыццяўляюцца ў вуснай, пісьмовай, практычнай формах і ў іх спалучэнні.

Выбар формы кантролю залежыць ад узроставых і індывідуальных асаблівасцей вучняў, зместу і спецыфікі вучэбнага прадмета, колькасці вучэбных гадзін, што вылучаюцца на вывучэнне яго зместу, этапу вывучэння тэмы і асноўных патрабаванняў да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў.

Пералік вучэбных прадметаў, па якіх праводзяцца кантрольныя работы ў пісьмовай форме, іх колькасць на працягу навучальнага года па класах I, II і III ступеней агульнай сярэдняй адукацыі вызначаны Метадычнымі рэкамендацыямі па фарміраванні культуры вуснага і пісьмовага маўлення ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджанымі 07.07.2022 намеснікам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама вучэбнымі праграмамі па вучэбных прадметах.

Пры ажыццяўленні кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў у VIII–XI класах настаўнікі могуць выкарыстоўваць кантрольна-вымяральныя матэрыялы па адпаведным вучэбным прадмеце. Пералік выдадзеных кантрольна-вымяральных матэрыялаў, а таксама кантрольна-вымяральныя матэрыялы па асобных вучэбных прадметах размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Пералікі дапаможнікаў для педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Звяртаем увагу на наступныя змены ў выніковай атэстацыі вучняў пасля завяршэння навучання і выхавання на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі ў 2022/2023 навучальным годзе.

Пасля завяршэння навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі выніковыя іспыты будуць праводзіцца ў выглядзе выпускных экзаменаў. Абавязковымі з'яўляюцца:

«Беларуская мова» ў пісьмовай форме (пераказ);

«Руская мова» ў пісьмовай форме (пераказ);

«Матэматыка» ў пісьмовай форме (экзаменацыйная работа);

«Гісторыя Беларусі» ў спалучэнні вуснай і практычнай форм (білет).

Для вучняў гімназій – каледжаў мастацтваў абавязковым з'яўляецца таксама выпускны экзамен па выбары па адным з вучэбных прадметаў, змест якіх накіраваны на развіццё здольнасцей вучняў у галіне асобных відаў мастацтваў.

Улічваючы, што з 2022/2023 навучальнага года ў ІХ класе ўводзіцца выпускны экзамен па вучэбным прадмеце «Гісторыя Беларусі», з 1 верасня 2022 г. для ўсіх вучняў ІХ класа ўводзіцца вучэбны модуль «Вялікая Айчынная вайна», які ўключае ў сябе засваенне:

раздзела «Другая сусветная вайна. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа» вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце «Сусветная гісторыя»;

раздзела «Беларусь у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў» вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце «Гісторыя Беларусі»;

праграмы факультатыўных заняткаў «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)».

Праграма факультатыўных заняткаў «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)» разлічана на 1 гадзіну на тыдзень (размешчана на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы / Гісторыя Беларусі / Вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў). Гадзіны на яе засваенне вылучаюцца з кампанента вучэбнага плана ўстановы адукацыі. Заняткі праводзіць настаўнік гісторыі, які выкладае вучэбныя прадметы «Сусветная гісторыя», «Гісторыя Беларусі» ў IX класе. Праведзеныя факультатыўныя заняткі фіксуюцца на асобных старонках у класным журнале, адведзеных для запісу засваення вучэбных праграм факультатыўных заняткаў. Адзнакі вучням не выстаўляюцца.

Для рэалізацыі праграмы факультатыўных заняткаў «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)» распрацаваны вучэбна-метадычны комплекс з аднайменнай назвай, які ўключае ў сябе вучэбны дапаможнік, вучэбна-метадычны дапаможнік, хрэстаматыю, атлас.

На нацыянальным адукацыйным партале размешчаны каментарыі па засваенні модуля «Вялікая Айчынная вайна» (https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы / Гісторыя Беларусі / Рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце).

Пасля завяршэння навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі выніковыя іспыты будуць праводзіцца ў выглядзе цэнтралізаваных экзаменаў па вучэбных прадметах «Матэматыка», «Беларуская мова» або «Руская мова» на выбар вучня. Для вучняў гімназій – каледжаў мастацтваў абавязковым з'яўляецца таксама выпускны экзамен на выбар па адным з вучэбных прадметаў, змест якіх накіраваны на развіццё здольнасцей вучняў у галіне асобных відаў мастацтваў.

Парадак арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага экзамену, парадак узаемадзеяння і функцыі юрыдычных асоб, правы і абавязкі асоб, якія ўдзельнічаюць у цэнтралізаваным экзамене, парадак праверкі і ацэньвання экзаменацыйных работ рэгламентуюцца Інструкцыяй па арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага экзамену, зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Рэкамендацыі па падрыхтоўцы вучняў да выніковай атэстацыі па завяршэнні навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. V–XI класы.

ДАПРОФІЛЬНАЯ ПАДРЫХТОЎКА ВУЧНЯЎ І ПРАФАРЫЕНТАЦЫЙНАЯ РАБОТА

Дапрофільная падрыхтоўка і прафарыентацыйная работа накіраваны на:

выяўленне інтарэсаў і схільнасцей, здольнасцей вучняў;

аказанне псіхолага-педагагічнай дапамогі вучням у выбары вучэбных прадметаў для іх вывучэння на павышаным узроўні, профілю адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі;

фарміраванне ў вучняў унутранай патрэбы і гатоўнасці да свядомага выбару сферы працоўнай дзейнасці, умення суадносіць свае інтарэсы і здольнасці з патрабаваннямі, якія вызначаюцца выбранай сферай працоўнай дзейнасці;

развіццё ў вучняў пазнавальных інтарэсаў і пазнавальнай актыўнасці, крэатыўнасці, здольнасці да прыняцця рашэння ў нестандартных сітуацыях, неабходнай для працоўнай мабільнасці.

Асноўнымі структурнымі кампанентамі дапрофільнай падрыхтоўкі з'яўляюцца:

прафарыентацыйная работа (інфармаванне, кансультаванне, дыягностыка і інш.);

псіхолага-педагагічнае суправаджэнне;

факультатыўныя заняткі;

аб'яднанні па інтарэсах;

адукацыйныя мерапрыемствы;

вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні ў VIII–IX класах.

У адукацыйнай практыцы могуць рэалізоўвацца наступныя мадэлі арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і прафарыентацыйнай работы:

у межах адной установы агульнай сярэдняй адукацыі;

у форме сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі;

у форме сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Для вучняў IX класа, якія жадаюць працягнуць адукацыю па тэхнічных спецыяльнасцях на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, рэкамендуецца арганізаваць факультатыўныя заняткі, накіраваныя на павышэнне іх графічнай адукаванасці па вучэбных праграмах «Тэхнічная графіка» (https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Дапрафесійная і прафесійная падрыхтоўка).

З мэтай навукова-метадычнай падтрымкі дапрофільнай падрыхтоўкі і прафарыентацыйнай работы на нацыянальным адукацыйным партале размяшчаюцца артыкулы аб псіхолага-педагагічным суправаджэнні працэсу дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання вучняў (https://adu.by/ Педагогам / Педагагічная майстэрня / Артыкулы).

НАВУКОВА-МЕТАДЫЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ

Вучэбна-праграмная дакументацыя адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі

З 1 верасня ўступае ў сілу пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 16.05.2022 № 120, якой зацверджаны тыпавыя вучэбныя планы для ўсіх відаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, вызначаных у пункце 2 артыкула 148 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Установы агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх створаны вячэрнія класы, пры распрацоўцы вучэбнага плана на бягучы год для вячэрніх класаў выкарыстоўваюць частку тыпавога вучэбнага плана, якая датычыцца вячэрніх класаў у сярэдняй школе, з улікам формы атрымання адукацыі і асаблівасцей адукацыйнага працэсу ў вячэрніх класах, арганізацыі сесій.

Установы адукацыі, якія арганізуюць адукацыйны працэс дома, у арганізацыях аховы здароўя, санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях, установы адукацыі, якія арганізуюць адукацыйны працэс для вучняў у перыяд удзелу іх у спартыўных мерапрыемствах па-за месцам знаходжання ўстаноў адукацыі, у якіх яны навучаюцца, а таксама для вучняў, якія ўтрымліваюцца пад вартай у следчых ізалятарах, пад вартай у папраўчых установах, пры распрацоўцы адпаведнага вучэбнага плана выкарыстоўваюць тыпавы вучэбны план сярэдняй школы.

Вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах для кожнага класа размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. I–IV класы; Вучэбныя прадметы. V–XI класы.

Звяртаем увагу, што колькасць вучэбных гадзін, адведзеная ў вучэбнай праграме па вучэбным прадмеце на вывучэнне зместу адпаведнай тэмы, з'яўляецца прыкладнай і залежыць ад выбару настаўнікам педагагічна абгрунтаваных метадаў навучання і выхавання. Настаўнік мае права пераразмеркаваць колькасць гадзін на вывучэнне тэм у межах агульнай колькасці гадзін на вывучэнне вучэбнага прадмета ў канкрэтным класе.

Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу пры вывучэнні вучэбных прадметаў выкладзены ў дадатках 1–22 да дадзенага пісьма.

Вучэбныя выданні

У адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца вучэбныя выданні, уключаныя ў Пералік вучэбных выданняў, якія прыгодныя для выкарыстання ў бібліятэчных фондах устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, у 2022/2023 навучальным годзе (зацверджаны Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь 25.03.2022). Гэты дакумент апублікаваны ў бюлетэні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Зборнік нарматыўных дакументаў» (№ 8, 2022), размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Пералікі вучэбных выданняў.

Вучэбна-метадычныя комплексы для факультатыўных заняткаў

Для правядзення факультатыўных заняткаў прапануецца выкарыстоўваць вучэбныя праграмы, зацверджаныя ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Звяртаем увагу, што ў адукацыйным працэсе могуць выкарыстоўвацца зацверджаныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў, у тым ліку тыя, што раскрываюць гістарычныя, геаграфічныя, сацыяльна-эканамічныя, культурныя асаблівасці рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.

Вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў, кампаненты асобных УМК для факультатыўных заняткаў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. I–IV класы; Вучэбныя прадметы. V–XI класы.

Комплексную інфармацыйную падтрымку ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу забяспечвае нацыянальны адукацыйны партал (https://adu.by).

У дапамогу педагагічным работнікам рэкамендуюцца наступныя раздзелы партала:

«Нарматыўныя прававыя дакументы» (у раздзеле прадстаўлены актуальныя нарматыўныя прававыя акты, якія рэгламентуюць адукацыйную дзейнасць ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь): https://adu.by/ Педагогам / Нарматыўныя прававыя дакументы;

«Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год» (у раздзеле прадстаўлены тыпавыя вучэбныя планы агульнай сярэдняй адукацыі; вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах; вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў; інструктыўна-метадычныя пісьмы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь; пералікі вучэбных выданняў для настаўнікаў і вучняў; каляндарна-тэматычнае планаванне; рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем новых вучэбных дапаможнікаў і інш.): https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год;

«Педагагічная майстэрня» (у раздзеле прадстаўлены артыкулы, сцэнарыі мерапрыемстваў, канспекты ўрокаў, відэаўрокі настаўнікаў па розных вучэбных прадметах і іншыя матэрыялы, накіраваныя на ўдасканаленне прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў): https://adu.by/ Педагогам / Педагагічная майстэрня;

«Профільнае навучанне» (змяшчае вучэбна-метадычныя матэрыялы для вывучэння вучэбных прадметаў на павышаным узроўні
ў X–XI класах): http://profil.adu.by;

Olimp (арганізацыйнае суправаджэнне дыстанцыйных мерапрыемстваў: алімпіяд, рэспубліканскіх конкурсаў і іншых рэспубліканскіх мерапрыемстваў): http://olimp.adu.by;

«Новыя падручнікі. Вучэбныя праграмы» (у раздзеле прадстаўлены абноўленыя вучэбныя праграмы, новыя вучэбныя дапаможнікі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, вынікі анкетавання па пытаннях якасці новых вучэбных дапаможнікаў, прадастаўлена магчымасць задаць пытанне аўтарам вучэбных дапаможнікаў): https://adu.by/ Педагогам / Новыя падручнікі. Вучэбныя праграмы;

«Школа Актыўнага Грамадзяніна» (у раздзеле размяшчаюцца матэрыялы для арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага праекта «ШАГ»): https://adu.by/ Педагогам / Школа Актыўнага Грамадзяніна;

«Актуальныя практыкі і тэхналогіі выхавання» (змяшчае матэрыялы па эфектыўнай практыцы патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення ў сучасных умовах ва ўстановах адукацыі, рэспубліканскага культурна-патрыятычнага кінамарафону «Глядзі і памятай», прысвечанага 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, электронныя каталогі матэрыялаў, прадстаўленых на XIX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці вучнёўскай моладзі, прысвечанай Году народнага адзінства): https://adu.by/ Педагогам / Актуальныя практыкі і тэхналогіі выхавання;

«Арганізацыя выхавання» (у раздзеле размешчаны нарматыўныя прававыя акты, інструктыўна-метадычныя матэрыялы ў сферы выхавання і дадатковай адукацыі дзяцей і вучнёўскай моладзі, тыпавыя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, артыкулы па тэорыі і практыцы выхавання): https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Арганізацыя выхавання;

«Рэспубліканскі маніторынг якасці адукацыі» (у раздзеле прадстаўлены інструктыўна-метадычныя і дыягнастычныя матэрыялы для арганізацыі і правядзення маніторынгавых даследаванняў якасці адукацыі, вынікі праведзеных маніторынгавых даследаванняў, рэкамендацыі па павышэнні якасці адукацыі): https://adu.by/ Педагогам / Рэспубліканскі маніторынг якасці адукацыі.

Звяртаем увагу, што адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс (АІАР) Рэспублікі Беларусь (https://eior.by) дапоўнены рубрыкай «Падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання», у якой размешчаны матэрыялы па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Руская мова», «Матэматыка», «Фізіка», «Хімія».

На нацыянальным адукацыйным партале (https://adu.by) у раздзеле «Электроннае навучанне» (https://e-vedy.adu.by) размешчаны электронныя адукацыйныя рэсурсы для сістэмы агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Гэты рэсурс даступны для ўсіх жадаючых на бязвыплатнай аснове пасля працэдуры рэгістрацыі.

У раздзеле партала «Электронная бібліятэка» размешчаны:

электронныя версіі вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дапушчаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь да выкарыстання ў адукацыйным працэсе ў 2022/2023 навучальным годзе (http://e-padruchnik.adu.by);

электронныя дадаткі да вучэбных дапаможнікаў па замежных мовах (https://lingvo.adu.by); па інфарматыцы (http://informatika6.adu.by; http://informatika7.adu.by; http://informatika8.adu.by);

электронны адукацыйны рэсурс «Біялогія. 8 клас» (http://biologia8.adu.by);

электронны сродак навучання «Палітычная карта свету» (http://maps.adu.by);

інтэрактыўныя дыдактычныя матэрыялы па вучэбных прадметах «Геаграфія», «Сусветная гісторыя», «Гісторыя Беларусі».

Вучэбныя выданні для настаўнікаў і вучняў

У дадатак да падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па кожным вучэбным прадмеце выпушчаны вучэбна-метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў, а таксама выданні для вучняў, якія могуць выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе, аднак не з'яўляюцца абавязковымі. Пералікі вучэбных выданняў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале:

https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Пералікі дапаможнікаў для педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі;

https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Пералікі дапаможнікаў для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Звяртаем асаблівую ўвагу на тое, што рабочыя сшыткі на друкаванай аснове не з'яўляюцца абавязковымі для выкарыстання ўсімі вучнямі, за выключэннем рабочага сшытка па матэматыцы для вучняў I класа. Настаўнік не мае права патрабаваць ад вучняў набыцця рабочых сшыткаў на друкаванай аснове.

У прадметных навукова-метадычных часопісах сістэматычна публікуюцца метадычныя і дыдактычныя матэрыялы, закліканыя дапамагчы настаўніку пры падрыхтоўцы да вучэбных і факультатыўных заняткаў, у арганізацыі пазакласных мерапрыемстваў.

Пералік артыкулаў, апублікаваных у навукова-метадычных часопісах і рэкамендаваных для выкарыстання ў адукацыйным працэсе, размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. I–IV класы; Вучэбныя прадметы. V–XI класы.

ПЛАНАВАННЕ ПА ВУЧЭБНЫМ ПРАДМЕЦЕ. ВЯДЗЕННЕ ПЛАНАВАЙ І ЎЛІКОВА-СПРАВАЗДАЧНАЙ ДАКУМЕНТАЦЫІ

Службовымі абавязкамі настаўніка, вызначанымі ў выпуску 28 Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых «Пасады служачых, занятых у адукацыі», зацверджанага пастановай Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 29.07.2020 № 69, прадугледжана ажыццяўленне планавання па вучэбным прадмеце і вядзенне ўстаноўленай планавай і ўлікова-справаздачнай дакументацыі.

Згодна з пунктам 1 пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2017 № 164 «Аб устанаўленні пераліку дакументаў, абавязковых для вядзення асобнымі педагагічнымі работнікамі, і выключэння практыкі прыцягнення педагагічных работнікаў да выканання работ, якія не адносяцца да выканання іх працоўных функцый» настаўнік абавязаны весці каляндарна-тэматычнае планаванне; паўрочнае планаванне; класны журнал; дзённікі вучняў.

Такім чынам, планаванне па вучэбным прадмеце ўключае каляндарна-тэматычнае планаванне (на навучальны год), паўрочнае планаванне (на кожныя вучэбныя заняткі). Планаванне па вучэбным прадмеце афармляецца настаўнікам па сваім меркаванні на электронным або папяровым носьбіце (друкаваным або рукапісным).

Настаўнік распрацоўвае каляндарна-тэматычнае планаванне (далей – КТП) з улікам часу, адведзенага ў вучэбнай праграме на вывучэнне асобных тэм па адпаведным вучэбным прадмеце. Гэтае КТП зацвярджаецца кіраўніком установы адукацыі да пачатку навучальнага года.

Настаўнік мае права выкарыстоўваць прыкладнае КТП па адпаведным вучэбным прадмеце, рэкамендаванае навукова-метадычнай установай «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (далей – НІА). Пры выкарыстанні прыкладнага КТП, рэкамендаванага НІА, настаўнік можа ўносіць на працягу навучальнага года ў межах вучэбных гадзін, адведзеных на вывучэнне вучэбнага прадмета, у прыкладнае КТП карэктывы ў залежнасці ад узроўню вынікаў вучэбнай дзейнасці і пазнавальных магчымасцей вучняў, іншых аб'ектыўных абставін. У рубрыцы «Для запісаў» або на асобным аркушы, які ўкладваецца ў дапаможнік для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі «Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне», настаўнік фіксуе змены і дапаўненні, якія ўзгадняюцца з кіраўніком установы адукацыі.

Па аналогіі афармляецца КТП па адпаведным вучэбным прадмеце пры арганізацыі вывучэння гэтага прадмета на павышаным узроўні ў VIII і IX класах. Пры выкарыстанні дапаможніка «Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне» ў рубрыцы «Для запісаў» або на асобным аркушы, які ўкладваецца ў гэты дапаможнік, настаўнік фіксуе ўнесеныя дапаўненні (змены і дапаўненні), якія ўзгадняюцца з кіраўніком установы адукацыі.

Структурнымі элементамі паўрочнага планавання могуць быць: тэма ўрока, тып урока, арганізацыйная форма правядзення ўрока, мэты і задачы ўрока, абсталяванне, якое выкарыстоўваецца на ўроку, апісанне дзейнасці настаўніка і асноўных відаў дзейнасці вучняў, дамашняе заданне.

Пры пастаноўцы мэты вучэбных заняткаў трэба арыентавацца на задачы вывучэння вучэбнага прадмета (адукацыйныя, развіваючыя, выхаваўчыя) і асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, вызначаныя ў вучэбнай праграме.

Пры вызначэнні дамашняга задання ў паўрочным планаванні неабходна ўлічваць, што дамашняе заданне з'яўляецца разнавіднасцю самастойнай вучэбнай дзейнасці вучня. Вызначаючы змест, аб'ём, форму выканання дамашняга задання, настаўнік павінен улічваць патрабаванні часткі першай пункта 31 Санітарных норм і правіл да часавых норм выканання дамашняга задання па ўсіх вучэбных прадметах для адпаведнага класа. Час на выкананне дамашняга задання па ўсіх вучэбных прадметах для вучняў II класа павінен складаць не больш за 1,2 гадзіны, III–IV класаў – 1,5 гадзіны, V–VI класаў – 2 гадзіны, VII–VIII класаў – 2,5 гадзіны, IX–XI класаў – не больш за 3 гадзіны.

З мэтай папярэджання перагрузкі вучняў настаўнік абавязаны сачыць за дазіроўкай дамашняга задання, тлумачыць на вучэбных занятках змест, парадак і прыёмы яго выканання. Заданні павышанага ўзроўню складанасці могуць прапаноўвацца для самастойнага выканання вучням толькі па іх жаданні.

У адпаведнасці з падпунктам 1.3 пункта 1 артыкула 1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі канікулы – гэта планавыя перапынкі для адпачынку пры атрыманні адукацыі ў вочнай форме атрымання адукацыі, таму дамашнія заданні на канікулы не задаюцца.

Улік вывучэння зместу вучэбнага прадмета, наведвання вучнямі вучэбных заняткаў, вынікаў іх вучэбнай дзейнасці настаўнік вядзе ў класным журнале. Выстаўляючы адзнаку ў класны журнал, настаўнік абавязаны выставіць яе ў дзённік вучня.

Недапушчальна патрабаваць ад настаўніка запаўнення справаздачнай аналітычнай інфармацыі аб паспяховасці вучняў.

Патрабаванні да запаўнення класнага журнала змяшчаюцца ва ўказаннях да афармлення і вядзення класнага журнала.

Нагадваем, што пры афармленні старонак класнага журнала, адведзеных для ўліку вывучэння зместу факультатыўных заняткаў, указваецца назва вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў (з маленькай літары, без двукосся), а не вучэбнага прадмета. Калі ў якасці назвы вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў выкарыстоўваецца цытата, то яна пішацца з вялікай літары і заключаецца ў двукоссе.

Калі на выкананне кантрольнай работы адводзяцца дзве вучэбныя гадзіны, то запіс у класным журнале неабходна размяшчаць на двух радках з указаннем адной даты. Напрыклад:

22.11.2022 Кантрольная работа «…».

22.11.2022 Кантрольная работа «…».

Адзнака выстаўляецца ў графу на другія вучэбныя заняткі.

АРГАНІЗАЦЫЯ АДУКАЦЫЙНЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ З ВУЧНЯМІ

Работа з высокаматываванымі і адоранымі вучнямі

У 2022/2023 навучальным годзе традыцыйна будуць праводзіцца:

рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах;

рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару (канферэнцыя) вучняў па вучэбных прадметах;

рэспубліканскія турніры юных матэматыкаў і юных фізікаў;

алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць»;

рэспубліканскія дыстанцыйныя мерапрыемствы на інтэрнэт-рэсурсе па суправаджэнні алімпіяд, турніраў і конкурсаў (http://olimp.adu.by) і інш.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.