Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Урок географии: интересно и занимательно

Дата: 7 октября 2020 в 07:52

УРОК ГЕАГРАФІІ: ЦІКАВА І ЗАЙМАЛЬНА

         Умовы сучаснага жыцця, вялікі аб’ем інфармацыі патрабуюць, каб  школа падрыхтавала вучняў, якія змогуць самастойна здабываць веды, вылучаць галоўнае, хутка  арыентавацца ў пэўнай сітуацыі. Зрабіць вучэбную дзейнасць неабходнай і радаснай для кожнага вучня можна, стаўшы на пазіцыю  педагогікі супрацоўніцтва, пры якой настаўнік і вучань працуюць разам дзеля  таго, каб дасягнуць агульнай мэты. Пры гэтым вучань з’яўляецца як бы  сааўтарам адзінага творчага працэсу. Выкарыстанне на ўроках розных  відаў  гульні  дазваляе  дасягнуць  калектыўнай  работы  класа  і  развіць  у  вучняў  вучэбныя навыкі. Магчыма, невыпадкова  ў  старажытных  рымлян  слова   «ludus»  азначала  адначасова  два   паняцці  “школа”  і  “гульня”.

             Пераспрабаваўшы  ў  сваей  рабоце  многія  формы  і  метады,  прыйшла  да наступнага  вываду. Штодзенная  праца  вучня  павінна  весці  да  свята, дзе  ён  можа  прадэманстраваць  усе  свае  веды, паказаць  усю  сваю працу  ў  самым  выгадным  свеце.  Што  ж  гэта  за  форма?  Для  мяне  і  маіх  вучняў  такой  формай  сталі  гульні-спаборніцтвы  ў  выглядзе “Шчаслівага  выпадку”, “Сваёй  гульні”, “Што? Дзе? Калі?”,  “Павуціны”,  урока-каруселі, брэйн - рынга,  КВЗ, падарожжа па станцыях  і  інш.

          Гульні-спаборніцтвы  выкарыстоўваю  як  у  вучэбнай  так  і  ў пазакласнай  рабоце. Яны  аднолькава  цікавыя  для  вучняў  розных  узроставых  груп і  прыцягваюць  дзяцей  жаданнем  выйграць.

           Адна  з  асаблівасцей  такіх  гульняў – аб’яднанне  індывідуальнай дзейнасці  вучняў  з  калектыўнымі, групавымі  формамі.

             Гульням-спаборніцтвам  уласціва  займальнасць,  якая  звязана  як  з нязвычнай  формай  правядзення  заняткаў,  характарам  заданняў,  так  і  з нязвычнай   ацэнкай  дзейнасці  вучняў. Выключнае  значэнне  ў  гульні  мае  аб’ектыўнасць  ацэнкі  ўзроўню  ведаў.

        Уключаныя ў працэс навучання гульні, стварэнне на ўроку гульнявой сітуацыі прыводзіць да таго, што вучні, захопленыя гульней, непрыкметна для сябе і без асаблівага напружання здабываюць пэўныя веды, уменні і навыкі па геаграфіі. Аднак гульня не павінна быць самамэтай, а павінна служыць сродкам развіцця цікавасці да прадмета. 

              Гульні, акрамя вырашэння вучэбных задач, спрыяюць выхаванню асобы дзіцяці, прывіваюць навыкі правільных паводзін у калектыве. На кожнага вучня кладзецца адказнасць за вынік гульні ў цэлым. 

           Я не лічу, што выкарыстанне займальнага матэрыялу на ўроках геаграфіі   дае магчымасць вучням авалодаць геаграфіяй “легка і шчасліва”.   Але  неабходна выкарыстоўваць усе магчымасці для таго, каб дзеці вучыліся з цікавасцю, каб убачылі прывабныя бакі геаграфіі, яе магчымасці для ўдасканальвання разумовых здольнасцей. У працэсе гульні ў вучняў выпрацоўваецца звычка засяроджвацца, мысліць  самастойна, развіваць увагу. Зацікавіўшыся, дзеці не заўважаюць, што вучацца: пра нешта даведваюцца, запамінаюць новае, арыентуюцца ў нязвыклых сітуацыях, папаўняюць запас уяўленняў, паняццяў, развіваюць фантазію. Нават самыя пасіўныя з дзяцей уключаюцца ў гульню з вялікім жаданнем, прыкладваюць усе намаганні для таго, каб не падвесці сяброў па гульні. У гэты час дзеці, як правіла, вельмі ўважлівыя, дысцыплінаваныя.

         Сістэматычнае выкарыстанне займальнага матэрыялу на ўроках геаграфіі, з’яўляецца эфектыўным сродкам актывізацыі вучэбнай  дзейнасці школьнікаў, які станоўча ўздзейнічае на павышэнне якасці ведаў вучняў, развіцце разумовай дзейнасці і выхаванасці вучняў,г.зн. усебаковае развіцце асобы.

     Прывяду прыклад абагульняючага ўрока па тэме “Атмасфера. Надвор’е і клімат” у 6 класе

Мэты:  1. Замацаваць і пашырыць асноўныя фізіка-геаграфічныя паняцці

                   і заканамернасці, навучыць разумець існуючыя ўзаемасувязі

                   паміж  атмасфернымі з’явамі.

  1. Развіваць пазнавальную актыўнасць вучняў.
  2. Фарміраваць асобу вучняў ва ўмовах калектыўнай дзейнасці.

Абсталяванне: фізічная карта паўшар’яў, атласы.

Ход урока.

І. Арганізацыйны момант.  ( Знаемства з тэмай і мэтамі ўрока )

ІІ. Геаграфічная размінка.

Настаўнік: Урок мы правядзем у выглядзе гульні “Павуціна”. Але

спачатку я запрашаю ўсіх вас на геаграфічную размінку. Назавіце, калі ласка, новыя словы, з якімі вы пазнаеміліся, вывучаючы  тэму “Атмасфера. Надвор’е і клімат”.

 Пачынаем…   (  вучні называюць словы ).

ІІІ. Гульня “Павуціна”.

( На дошцы  намалявана “павуціна”. На “павуціне” пішуцца ў беспарадку нумары (колькі пытанняў, столькі і нумароў). У гульні ўдзельнічаюць адначасова дзве ці тры каманды. Права першага ходу разыгрываецца. Затым удзельнікі называюць нумар. Вядучы выцірае нумар з “павуціны”  і зачытвае  пытанне пад даным нумарам.Трэба прадугледзець пытанні па тэме, 7 нумароў – “павук” ( пераход хода ), 2 нумары  “жамчужына” ( каманда атрымлівае бал і працягвае гульню ), 2 нумары   “ кропля вады” ( “змываюцца” усе набраныя да гэтага балы ). (Колькасць нумароў можа быць адвольная)

      За кожны правільны адказ каманда атрымлівае 1 бал і працягвае гульню, калі адказвае няправільна – пераход хода.)

  1.  Як вы думаеце, чаму з усіх планет Сонечнай сістэмы жыццё ёсць толькі на Зямлі?
  2.  У чым заключаецца праблема азонавых дзірак на планеце?
  3.  Якая сіла ўтрымлівае атмасферу планеты?
  4. Якое значэнне мае атмасфера?
  5. Павук”.
  6. Як адбываецца  награванне паветра?
  7. Якая існуе залежнасць паміж вышыней Сонца над гарызонтам і колькасцю цяпла, што паступае на Зямлю?
  8.  З якіх слаёў складаецца атмасфера?
  9.  Як змяняецца тэмпература паветра з вышынёй?
  10.  Што называецца амплітудай тэмпературы?
  11.  “Павук”.
  12.  Як вылічыць сярэднемесячную тэмпературу?
  13.   Чаму большасць жывых арганізмаў засяроджана ў трапасферы?
  14.  Як размяркоўваецца тэмпература паветра на Зямлі?
  15.  Жамчужына”.
  16.  Якія ўчасткі зямной паверхні лепш паглынаюць сонечныя прамяні, а       якія – горш?
  17.  Што такое атмасферны ціск? Які атмасферны ціск прымаецца за нармальны?
  18.  Як змяняецца аб’ем паветра пры награванні і ахаладжэнні?
  19.  “Павук”.
  20.  Якімі прыладамі вымяраецца атмасферны ціск і ў якіх адзінках?
  21.  Як змяняецца атмасферны ціск з вышыней?
  22.  Як з дапамогай барометра можна вымераць вышыню будынка?
  23.  Кропля вады”.
  24.  Як размяркоўваецца атмасферны ціск на зямной паверхні?
  25.  Якая прыродная з’ява называецца ветрам?
  26.  Якімі прыладамі вымяраюць напрамак і сілу ветру?
  27.  Чаму тэмпература паветра ў адной і той жа мясцовасці, ў адзін і той жа 

час, над сушай і воднай паверхняй розныя?

  1.  Чаму ўзнікае вецер? Ад чаго залежыць скорасць ветру?
  2.  “Павук”.
  3.  Якія  па скорасці бываюць вятры?
  4.   Што такое брыз? Як ен узнікае?
  5.   Начарціце стораны гарызонту. Пакажыце  паўночна-заходні вецер.
  6.   Якую работу выконвае вецер?
  7.   Што такое пасаты? Як яны ўзнікаюць?
  8.   “Жамчужына”.
  9.  Што такое мусоны? Як яны ўзнікаюць?
  10.   Якія вятры пераважаюць ва ўмераных шыротах?
  11.    Дзе на планеце зафіксаваны максімальная і мінімальная тэмпературы паветра?
  12.  Назавіце цеплавыя паясы. У якім цеплавым поясе мы жывём?  
  13.   “Павук”.
  14.   Якія вятры ўтвараюць агульную цыркуляцыю атмасферы?
  15.    Чаму летні мусон прыносіць ападкі, а зімовы – не?
  16.    Якія мясцовыя вятры вам вядомыя?
  17.   “Кропля вады”.
  18.    Якія вятры характэрны для Беларусі?
  19.    Як тэмпература ўплывае на ўтрыманне вадзяной пары ў атмасферы?
  20.   У чым адрозненне паміж абсалютнай і адноснай вільготнасцю паветра?
  21.   Як вымяраюць вільготнасць паветра?
  22.   Якія віды атмасферных ападкаў вам вядомыя?
  23.   “Павук”.
  24.  Якая існуе заканамернасць у размеркаванні ападкаў па шыротах?
  25.  Дзе на планеце знаходзяцца самае вільготнае і самае сухое месцы?
  26.   Якія метэаралагічныя элементы характарызуюць надвор’е?
  27.  На якія групы падзяляюцца метэаралагічныя з’явы?
  28.  Прывядзіце прыклады небяспечных метэаралагічных з’яў.
  29.  “Павук”.
  30.  Чым клімат адрозніваецца ад надвор’я?
  31.   Якія фактары  з’яўляюцца кліматаўтваральнымі?
  32.    У якіх сферах гаспадарчай дзейнасці важна ўлічваць клімат мясцовасці?
  33.    У чым праяўляецца глабальнае пацяпленне на планеце, якія яго магчымыя прычыны і вынікі?

ІV. Падвядзенне  вынікаў гульні.

V. Рэфлексія

   Настаўнік:  Калі стан чалавека ў пэўны перыяд часу можна параўнаць   з надвор’ем ( як стан атмасферы ў пэўны перыяд часу ), то як бы вы апісалі ваш стан пасля ўрока?

                                                         Малашэвіч Таццяна Мікалаеўна,

                                                               настаўнік геаграфіі ДУА “Суткаўскі

                                                           ВПК дзіцячы сад-базавая школа”

                                 Уздзенскага раёна

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.