ПСІХОЛАГІ РЭКАМЕНДУЮЦЬ
(дапамога вучням і іх бацькам у перыяд падрыхтоўкі да экзаменаў)
МЕТАДЫ, ЯКІЯ ДАПАМАГАЮЦЬ СКАНЦЭНТРАВАЦЬ УВАГУ
Падрыхтуйце месца для вучобы. Там не павінна быць нічога лішняга, што магло б адцягваць вашу ўвагу: прыбярыце рэчы, якія вам не спатрэбяцца ў працэсе падрыхтоўкі, раскладзіце падручнікі, дапаможнікі, сшыткі, паперу, алоўкі і г.д. У інтэр’ер пакоя пажадана ўнесці жоўты і фіялетавы колеры, паколькі яны павышаюць інтэлектуальную актыўнасць.
- Поза ў час заняткаў павінна быць “сабраная”. Лепш сядзець не ў мяккім крэсле, а на цвёрдым стуле.
- Можна ўключыць ціхую фонавую музыку, якая заглушыць іншыя гукі, што перашкаджаюць рабоце.
У перыяд напружанай падрыхтоўкі павялічваецца нагрузка на вочы. Калі стаміліся вочы, значыць, стаміўся ўвесь арганізм. Для таго, каб вочы адпачылі, можна выканаць шэраг практыкаванняў:
- моцна заплюшчыце вочы (3-5 сек.), затым расплюшчыце (3-5 сек.);
- хутка моргайце на працягу 1-2 хвілін;
- паглядзіце па чарзе ўверх-уніз (10 сек.), направа-налева (10 сек.);
- “напішыце” поглядам сваё поўнае імя;
- па чарзе фіксуйце погляд спачатку на аддаленым прадмеце (10 сек.), затым – на лісце паперы перад сабой (10 сек.);
ПСІХОЛАГІ РЭКАМЕНДУЮЦЬ (дапамога вучням і іх бацькам у перыяд падрыхтоўкі да экзаменаў)
ДЛЯ ЛЕПШАГА ЗАСВАЕННЯ МАТЭРЫЯЛУ
Неабходна ўлічваць асаблівасці прадмета, па якім трэба здаваць экзамен. Пры падрыхтоўцы да вуснага экзамена мэтазгодна сістэматызаваць і паўтарыць увесь вучэбны матэрыял, а пры падрыхтоўцы да пісьмовага экзамена, напрыклад, па беларускай, рускай мовах, матэматыцы, важна засяродзіць увагу на асобных раздзелах праграмы.
- Не імкніцеся завучваць усё – лепш падкрэсліваць, выпісваць і канспектаваць важныя месцы.
- Карысна паўтараць матэрыял па пытаннях. Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць правілам, падзагалоўкам параграфа – гэта дапаможа выдзеліць галоўныя думкі, якія стануць апорнымі пунктамі адказу.
- Паўтараць матэрыял патрэбна ўслых. Каб адказ не атрымаўся непаслядоўным, неабходна скласці план адказу, і абавязкова на паперы, а не ў памяці.
- Адказы на самыя цяжкія пытанні пажадана расказаць уважліваму слухачу ці запісаць на дыктафон, а затым праслухаць сябе.
- Вельмі карысны метад, якім карыстаюцца многія пры вывучэнні замежнай мовы – запіс слоў на картачкі.
- Не забывайцеся рабіць перапынкі! Пасля гадзіны-паўтары заняткаў – адпачынак на працягу 10 хвілін. Калі вы стаміліся і вас цягне на сон, то лепш легчы і крыху паспаць. Эфектыўны адпачынак павысіць працаздольнасць.
Апошнія 10-12 гадзін перад экзаменам важна выкарыстаць на аднаўленне арганізаму. Вечарам неабходна выйсці на прагулку, заняцца тым, што адцягне ўвагу ад падзей наступнага дня. Ноччу неабходна добра выспацца.